— Раніцой балелі…
— Ведаем гэткія казкі. Учора раса вочы ела.
— Дальбог балелі, — бароніцца Цыпрук. — Цяпер, ліха іх бяры, падвялі мяне, перасталі балець ці што?
— Добра, калі перасталі балець. Здаровых я не лячу…
— Палячы, братку, дык мо’ трывалыя будуць…
— Трывалыя, трывалыя. Нашто табе трываласьць? Няхай полудзень на сенакосе будзе трывалым.
— Пашапчы мне на зубы… — не адстае Цыпрук.
— Вон з маёй хаты! Ведаю вашых. Прышоў нюхаць, што я раблю, як народ абманваю! Хто цябе прыслаў, качарэжка крывая?
— Ніхто не прысылаў…
— Ідзі да доктара. Многія прыходзяць ка мне, каб выведваць. Ідзі!
Сымон Чарнюк адчыніў дзьверы і паказаў на іх сухой чорнай рукою.
Цыпрук зьбянтэжаны, згорблены высунуўся за дзьверы.
— Ну і людзі бываюць на сьвеце! — дзівіцца Цыпрук. — Чорт іх няньчыць. Гэта-ж трэба адважыцца чалавека з хаты гнаць…
Цыпрук плюе, лаецца і ідзе ў вёску шукаць прытулку нанач.
— Вось і жыві цяпер на сьвеце… Вось і лячыся. Адзін д’ябал кіруе і фэльчарам, і шаптуном.
Нанач ён астаўся ў вёсцы «Дразды і Дзятлы» ў аднаго старога селяніна. Але і тут яму не шанцавала. Стары гаспадар вельмі моцна, ад усяго сэрца, прабіраў свайго сына.
Цыпрук у яго запытаўся:
— Што за сьвет настаў? Цяпер і старыя перайначыліся, ці што? Усе людзі такія злосныя, што хоць ты іх…
Тут ён спыніўся, бо ня ведаў, што з такімі «злоснымі людзьмі» рабіць.
— Так, — згадзіўся стары гаспадар, — настаў такі паганы сьвет, што хоць ты яго…
На гэтым і гаспадар спыніўся, бо і ён ня ведаў, што рабіць з такім «паганым сьветам».
Старыя трапілі адзін аднаму ў тахт гэтым няведаньнем, што рабіць з злоснымі людзьмі і паганым сьветам.
Старыя пільней зірнулі адзін на аднаго і пачулі блізкасьць…