Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра! Пачынаю! «І шумэ, і гу…» Толькі дружа, глядзі, дзяржыся рукамі за тубарэт — і ні з месца! Шутка прывычная…

Фэльчар яшчэ раз паглядзеў селяніну ў рот.

— Ну і зубы ў цябе — конскія, здаровыя. Ага! вось ён! Гад гэты… Зладзюга… Мы яму задамо дыхту!

Усунуў тонкія сталёвыя абцугі.

— Ківаецца шэльма, як стары жыд пры малітве. Мы яго… Цап! штука прыв…

— Ой, ой!

Цыпрук крыкнуў немым голасам і схваціўся рукамі за рукі фэльчара.

— Ой, ву-ой!

— Такога ўгавору ў нас ня было, — пакрыўдзіўся фэльчар. — Мудрыя церпяць. І пан Езус цярпеў… І вісеў на крыжы, як комуністы ў белагвардзейскім лягеры.

Фэльчар зноў прыняўся за работу.

Селянін пакрыўся потам. Цяжка сапеў.

— Вуай! — крыкнуў Цыпрук, як дзіцё, якое толькі што нарадзілася, і падскочыў на месцы.

— Ох, ты! — зазлаваўся фэльчар — сам вінават, што зуб даўся папалам. А, здаецца, ня той, за які браўся… Штука прывычная… Паласьні рот гэтай чырвонай жыжай. Адсапніся…

Фэльчар падсунуў шклянку.

Цыпрук паласкаў рот і пачаў выць, скавытаць дзікім, немым голасам.

— Ву-а-ай… О-о-о-ой… Ая-ё-о-ой…

— Што сеяў, то і жні, — апраўдваўся фэльчар. — Казаў-жа табе: сядзі спакойна. Трэба было сядзець!

— Такімі абцугамі і сківіцы мог мне выкруціць, ня толькі здаровы зуб паламаць, — сыпаліся праз выцьцё словы Цыпрука.

— Дай сюды! Я цяпер ужо ведаю, дзе хворы зуб…

Цыпрук падняўся моўчкі.

Акуратна абматаў хусткай твар.

— Прышлю табе праз унука старыя граблі, дык будзеш зубы рваць у грабель.

Цыпрук выняў з кішэні дзьве грыўні і палажыў на стол.

Фэльчар мармытаў:

І шумэ, і гудэ…

Цыпрук стукнуў дзьвярыма і вышаў.