Дразды і Дзятлы і так верылі…
Удзень людзі і сонца супакою не давалі старым курганом.
Увечары людзі адпачывалі па хатах, а сонца, акрываўленае, памірала. Тады курганы ў неба глядзелі, моўчкі выстаўлялі зоркам на паказ свае абскубаныя людзьмі сьпіны.
Зоркі глядзелі ўніз, нібы тысячы зрэнкаў, кідалі на курганы, ледзь прыкметныя сіняватыя ніткі праменьняў і апляталі зямлю, як павуцінай, жоўта-сінім зьзяньнем.
Зоркі памятаюць той час, калі яшчэ тут курганоў ня было, калі палалі вялізныя агні, якія чырвонымі языкамі лізалі паветра, ператвараліся ў сіва-чорны дым. Патаемныя знакі пісаў па небе гэты дым, братаўся з воблакамі і расплываўся ва ўсе бакі і зьнікаў, як госьць, што ўжо ніколі назад ня вернецца.
Часам над курганамі кугатала сава. Засьмяецца дзіка-дзіка — па-вар’яцку, заплача жаласна-жаласна, па-дзіцячаму, і давай плысьці над курганамі на растапыраных крыльлях.
А калі месяц бываў поўны, круглы і ярка-жоўты, як дачырвана нагрэтая скаварада, тады пад яго бледным водблескам плаваў па курганох цень савы, соваўся ціха і хутка, нібы праводзіў па зямлі чорную паласу… Запісваліся на грудзёх зямлі галасы поўначы; гукі расьлі з задумёнай цішыні і тапіліся ў нямых і гучных абшарах. Ноч ня траціла ніводнага гуку. Шолах травы, піск дрымотнай птушкі, якая нешта радаснае ці смутнае бачыла ва сьне, хрып дрэва — усё гэта зычэла а поўначы, вызначалася ў хвалях цішыні і ўдаралася аб дрымотныя прасторы, нібы аб наўковыя загарадкі.
Язэп Крушынскі даведаўся аб значэньні гэтых курганоў, аб іх пахаджэньні ад Івана Мацьвеевіча. Агроном апавядаў яму аб жыцьці старадаўных славянскіх плямёнаў, аб пышных хаўтурах і пахаваньні. Агроном тлумачыў Крушынскаму значэньне чарапкоў, паперак, караляў, каменных тапароў і іншых «цацак», знойдзеных у курганох.
— Мой бацька, — гаварыў Язэп Крушынскі, — яшчэ і цяпер зёлкі зьбірае па курганох. Праўда, цяпер ён многа перайначыўся. Але памятаю, як яшчэ я быў малы, дык бацька вырабляў такія рэчы, што і цяпер дзіўлюся. Гэта бывала пасьля вялікадня. Мой бацька і яшчэ адзінаццаць чалавак хадзілі ў лес.