Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дразды і Дзятлы сьмяяліся з гарадзкіх забаўнікаў: як малыя дзеці, тыя зьбіралі чарапкі, каменныя і мэталёвыя заіржавелыя цацкі. Усё гэта запакоўвалі ў скрынкі, нешта мералі, вылічалі і доўга запісвалі. Глянуць вакол — і пішуць, малююць.

Абегалі гарадзкія людзі ўсе курганы. Строга загадалі сялянам не раскопваць іх, не чапаць. А то штраф плаціць будуць, у турму пасадзяць…

Пляваліся Дразды і Дзятлы.

— Што мы канакрады якія?! — дзівіўся Галава.

— За што турма? Завошта штрафы плаціць? — гарачыўся Сухарукі.

Набралі гарадзкія людзі «цацак» з курганоў і паехалі.

Усё зноў супакоілася.

Дразды і Дзятлы па-ранейшаму абыходзіліся з курганамі. Ніхто па турмах не сядзеў і штрафаў не плаціў.

— Гарадзкія жулікі выдумалі, — тлумачыў Галава.

— Хацелі нас напалохаць, — казаў Сухарукі.

А часам сухавеі кружыліся над курганамі.

Там, дзе курганы абрасталі сталетняй хваёвай чупрынаю, дрэвы выгіналіся ва ўсе бакі, трасьлі вецьцем, скрыпелі адно аб адно, нібы каналі, нібы маліліся. А вецер сьвістаў на розныя лады, гойсаў па вершалінах, ламаў іх, крышыў і адарванае лісьце перасыпаў у сваіх нявідочных далонях.

Лягчэй было разгульваць ветру па тых курганох, дзе дрэў ня было, дзе рыхлы пясок быў раскапаны лапатамі ці разораны сахою. Там цэлыя слупы пяску крушліся высока-высока, круціліся ўгару і зноў рассыпаліся. Вецер разьдзьмухваў пясок, пытляваў земляную цёмна-шэрую муку. З гэтай мукі дзеці ў спакойны час пяклі булачкі на полі, печачкі рабілі. Часамі, калі сонца мёдам фарбавала летні дзень, дзеці дзеля забавы самі закопваліся па пояс у пясок, насыпаны старадаўнымі пра-прадзедамі…

Зычэлі дзіцячыя галаскі.

А сівыя дзяды гаварылі, што сухавеі, — гэта не сухавеі, а «чортава вясельле».

«…каб апусьціць нож у сьвянцоную ваду, а потым кінуць яго ў гэты сухавей, дык на тым нажы відаць будзе кроў»…

Ніхто так і ня пробаваў гэтага фокусу з нажом, каб упэўніцца, што сапраўды гэта ня вецер, а «чортава вясельле».