Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Якраз трапіў на тое, як яны дзялілі між сабою скрынкі.

— Ну?!

— Знайшлі, чэрці. Я перахітрыў іх. Завыў ваўком, зароў мядзьведзем.

— Яны цябе ня бачылі?

— Не. Я пад кустамі схаваўся. Напалохаў іх робленым голасам. Казаў, што я іх зьем, калі дзе скажуць, што бачылі ў лесе. Дзеці ўцяклі, і я перанёс скрынкі.

— Пашанцавала на гэты раз. Ніхто дзецям не паверыць.

— Яны пабаяцца каму і гаварыць, каб я іх ня зьеў.

Язэп Крушынскі засьмяяўся:

— Ідзі дахаты, нячыстая сіла. Там і мае дзеці былі? Ну, і дам! Ну, і дам!

— Былі. Вы іх лепш не чапайце. Не рабеце скандалу.


X

Вакол Курганішча многа курганоў.

Яны раскіданы і па сенажацях і па некаторых агародах, і ў лесе.

Курганішча — ад курганоў. На некаторых вырасьлі сталетнія хвоі. Іншыя ўзораны.

Часта сяляне знаходзілі тут старыя чарапкі з узорамі, пацеркі, нейкія абручыкі, каменныя стрэлы — «чортавы пальцы», каменныя, гладка адшліфаваныя, тапары і чалавечыя косьці. Каменныя тапары — добрая рэч у гаспадарцы — імі таўкуць соль.

Магілы старадаўняй, сівой мінуўшчыны ў Драздоў і Дзятлаў звычайнае зьявішча ў штодзенным жыцьці. Струхлелыя людзкія косьці, якія часам вычэсваюцца з рыхлай зямлі, нібы грэбенем, сялянскай сахою, ня робяць на аратага цяжкага ўражаньня. Араты, праўда, закопвае чэрап на мяжы, але зараз-жа аб ім забывае.

На курганох у непагодны час гралі вятры — старыя вандроўнікі. Яны сьпявалі на гэтым месцы і тысячу год таму назад.

Сярод старых людзей жывуць аб курганох цікавыя казкі і паданьні: а поўначы тут розныя страхі паказваюцца.

Паводле казкі аднаго старога дзеда, яго дзед, нябожчык, ехаў уночы каля гэтых курганоў. На іх сьвяціліся нейкія сінія