Дзеці рвуць часткі «скарбу» адны ў адных.
Кожнаму з іх падабаецца якраз тое, што ў руках другога. А калі памяняюцца, дык пачынаюць падабацца зноў тыя самыя рэчы, якія раней былі ў іх-жа руках…
У вачох дзяцей, у рухах і ў голасе зьявілася нешта зусім новае, чаго ня было да гэтага часу.
Дзеці ў некалькі хвілін, пад уплывам «скарбу», робяцца як-бы сталымі людзьмі.
Калі ў маленькіх мужычкоў насьпявае вялікая бойка з прычыны дзяльбы «скарбу», Язэпка, правадыр «экспэдыцыі», пачынае адчуваць моральную адказнасьць за ўсе ўчынкі грамады. Ён па-сталаму мяркуе, як выйсьці з гэтага прыкрага становішча. Нарэшце, прыдумаў — думку сваю кажа ўголас:
— У нас ёсьць гузікі, грабеньчыкі, панчохі і карункі. Няхай кожны возьме патроху ўсяго. Давайце дзяліць гэта ўсё пароўну! Добра?
— Добра! — згаджаюцца дзеці.
— Добля! — чуваць і голас маленькай Мзей. Хоць яна мала разумее тонкасьць такой сур’ёзнай справы, але калі «вялікая» Настачка, якая «ведае ўсё на сьвеце», кажа «добра», дык Мзей таксама хоча быць «вялікай» і казаць «добля».
У гэты час дзеці забываюць, што страхі могуць яшчэ зьявіцца, каб не даваць забіраць скарбу. Яны заняты дзяльбою.
І вось…
У самую гарачку дзяльбы дзеці (ці мо’ гэта ім здаецца) чуюць выцьцё невядомага зьвера.
Выцьцё раздаецца з блізкіх густых кустоў…
Дзеці палохаюцца.
Вочы ад страху выпучаны і блішчаць, нібы тыя гузікі са «скарбу». Скрыначкі выпадаюць з маленькіх загарэлых і замурзаных ручак.
Дзеці баяцца крануцца з месца.
І вось…
Чалавечы голас…
Голас бадай нечалавечы: нехта гудзіць, бурчыць, вые, войкае.
Словы чалавечыя:
— Кіньце вы ўсё гэта ды ўцякайце дахаты, а то я вас зьем… Ні слова дома не кажэце аб тым, што бачылі ў лесе, а то я вас