Запанавала надзвычайная зацікаўленасьць паглядзець, што ляжыць у гэтых скрынках. Узмацнілася вера ў байкі, вярнулася і пачуцьцё страху.
У тых байках гаворыцца, што «нячыстая сіла» перашкаджае людзям знаходзіць скарбы, палохае іх…
Нават і Язэпка, самы адважны, струсіў.
Дзеці аглядаюцца ва ўсе бакі, ці ня ідзе на іх страхацьцё.
Ціха ў лесе…
Толькі час-ад-часу з старой калматай елкі шышка стукнецца аб зямлю.
Але гэта нястрашна. Так і яблыка падае з яблыні ў садзіку.
А во зашушукаліся бярозкі, задрыжэлі лісткамі, тоненькімі галінкамі.
«Ша-ша-ша… Няможна чапаць. Няможна»…
І гэта нястрашна. Так бярозка і на гумне, і каля хаты гаворыць пад ветрам.
Дзеці не баяцца і галасоў бярозак.
— Давай, адну скрынку адчынім! — камандуе Язэпка.
Хто пачаў ламаць дрот, а хто кійком тоненькія дошчачкі калупае.
Удалося адарваць са скрынкі адну дошчачку. Рагожа і папера лёгка зьнімаецца.
У скрынцы ляжыць многа невялічкіх папяровых скрыначак. Малыя скрыначкі — дзеці вялікай скрынкі.
Гэта вельмі цікава…
— Скарб пароўну будзем дзяліць! — абвяшчае Язэпка. — Пакуль што, кожны няхай возьме па аднэй скрыначцы!
Дзеці расчыняюць скрыначкі.
— А во грабенчыкі!
— А во панчохі!
— А во карункі!
— А во гузікі — бліскучыя, бліскучыя!
Дзеці ў няпрытомнай радасьці перакрыкваюць адны адных.
Пасьля першага імпэту радасьці яны пачынаюць з зайздрасьцю заглядаць у чужыя скрынкі.
— А я хачу грабенчыкі!
— Мне дай карункі. Я не хачу гузікаў!
— На табе панчохі, а мне дай гузікі.
Пачынаецца вялікая сумяціца.