Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лясная казка палохае і прываблівае да сябе дзяцей. Як маладыя зьвяркі, яны нюхаюць паветра. Пах лесу казлыча ноздры і павялічвае настрой казачнасьці.

Густыя папаратнікі, невядомыя расьліны, з вялізнымі чырвонымі, як-бы акрываўленымі, лістамі, чорныя карчы, падобныя здалёк да скорчаных зьвяроў, да людзей у розных позах, будзяць дзіцячую фантазію.

Дзесьці ў кустох ляшчыны плача птушка.

Дзеці прыслухоўваюцца да лясных галасоў, да шэпту і скрыпу дрэў, ідуць глыбей у лес — у самыя чароўныя куткі. Звычайны дубовы лісток, засохлае скрыдлачка матылька дзівіць іх тут сваімі цудамі і хараством. На дубовым лістку, нібы на руцэ чалавека, знаходзіцца цэлая пляцёнка жылак: многа-многа, дробненьніх-дробненькіх. Каб заплюшчыць вока і глядзець доўга на гэтыя жылкі (як робіць Настачка), дык яны нагадваюць вялізны густы лес… А то падобны да цікавай прыгожай тканіны.

Настачка ірве лісткі.

А якая прыгожая цацка — скрыдлачка матылька. Гэтулькі колераў, столькі бліскучых залатых крапінак, сініх вочак і празрыстых галіначак на гэтым скрыдлачку — не надзівішся…

Тое, што дзеці каля сваіх хат на кожным кроку бачаць ды не заўважаюць, тут у лесе выпукляецца, набывае надзвычайную яркасьць і прывабнасьць. Цікавыя рэчы адганяюць страх, цягнуць у глыб лесу, у нябачаныя таямніцы…

Жаласьліва стогне птушка. Шушукаецца лісьцё на дрэвах.

«Шу-шу-шу»… — шапацяць тысячы вуснаў.

«Квох-квох-квох», — квохча нешта ў лужыне.

— Баюся, — ціха кажа Мзей.

— Ня бойся, маленькая, — супакойвае Настачка. — На табе птушынае малако!

Настачка нагінаецца, адрывае траўку пад назваю «птушынае малако». З сьцяблінак мяккай расьліны паказваецца густы і белы, як малако, сок.

— Гэта маяко п’юць птушкі? — цікавіцца Мзей.

— Птушкі.

— І я хацу піць.

— Няможна — горка. Фэ.

Настачка вырывае траўку з рук Мзей.