Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Івану Мацьвеевічу здалося, што пані Ганна ў гэтую хвіліну заглядае ва ўсе сакрэты і яго душы, чытае яго грэшныя думкі і перачытвае, нібы стары дзяк псалтыр, надрукованы буйнымі літарамі.

Толькі адну хвіліну пані Ганна зірнула на мужа і агронома. Яна давяла сваю думку да канца:

— …а то настаўніцы ў галаву не палезе выхаваньне дзяцей, бо адбою ня будзе мець ад тутэйшых хлапцоў, ад пагранічных вайскоўцаў, якія часта ў нас бываюць.

Сваім важным довадам супроць прыгожай дзяўчыны пані Ганна пашкодзіла самой сабе, бо дала магчымасьць Язэпу Крушынскаму зараз-жа адкінуць гэты довад. Ён гэта зрабіў вельмі таленавіта, красамоўна і з вялікім натхненьнем:

— Во, во, жонка, дзякую, што напомніла… Якраз такая дзяўчына і патрэбна. Яна павінна ўмець прывабліваць мужчын. Чытаў я калісьці «Тайны Мадрыцкага двара», «Шпіёнку кайзэра Вільгельма» і многа іншых цікавых гісторый і зразумеў вялікую сілу прыгожых жанчын. Прыгожая жанчына — сталёвы кручок, на які бярэцца самая тлустая рыба. Прыгожая жанчына за кулісамі трону кіруе дзяржавай. Прыгожая жанчына адыгрывае вялікую ролю ў справах любой краіны. Прыгожая жанчына акутвае залатой павуцінай самых разумных людзей — і гарачых юнакоў, і сівых мудрацоў.

Такое частае паўтарэньне слоў «прыгожая жанчына» вельмі прыкра адбівалася ў вушох пані Ганны, нібы шпількі калолі яе жаночае самалюбства. Яна часта папраўляла хустку, выбівала з-пад яе жмуток рэдкіх бялявых валасоў і станавілася ў позу. Гэтым бяз слоў гаварыла:

— А чыма я ня прыгожая жанчына?

Язэп Крушынскі ў хмелі красамоўства не заўважыў выразнай позы жонкі і разьвіваў далей думку аб прыгожай жанчыне. Ён перайшоў ад абстрактнага да конкрэтнага:

— І маёй маленькай рэспубліцы патрэбна прыгожая жанчына. Часам нейкае ліха здарыцца — выратуе прыгожая жанчына, наша будучая настаўніца… Часам… але што доўга аб гэтым гаварыць.

Дэталізаваць свае думкі Язэп Крушынскі лічыў нетактоўным перад гасьцём.

Справа была вырашана.