Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каў, што лішняя воля сапсуе дзяцей — згодзен і з гэтым. Дык зноў-жа, як зрабіць, каб усё было добра? — А вос як: выбраць з сялянскіх дзяцей самых лепшых, ну, скажам, тых, якія маюць багацейшых бацькоў… Наняць для іх разам з вашымі настаўніцу (у Менску многа такіх знойдзецца, якія да вас у Курганішча ахвотна паедуць), і яна зоймецца выхаваньнем. Пад наглядам настаўніцы будуць ня толькі вучыцца, але і забаўляцца ў пакоях або ў полі разумна і карысна.

Гэты проект спадабаўся і Крушынскаму, і пані Ганьне. Такое меркаваньне перакінула кладку па канаве, пракопанай між імі частымі сваркамі аб выхаваньні дзяцей.

Выбар настаўніцы зноў-жа выклікаў цэлы шэраг пытаньняў, меркаваньняў і спрэчак. У сувязі з гэтым разгортваліся новыя кругавіды.

Першым чынам, настаўніца ў хаце — гэта ня хатняя працаўніца, ня кухарка, ня жнейка і не пастушка. Мала таго, што ёй трэба даць асобны пакой, а ня куток у пакоі, прыдзецца ўсім у хаце падцягнуцца, перайначыць хатні быт, глядзець зусім іншым вокам за сабою, каб ня было сорамна перад гарадзкой дзяўчынай. Апрача таго, прыдзецца пакласьці трохі энэргіі, пакуль яна зробіцца сваім чалавекам — шчырым сябрам сям’і.

І вось будучая настаўніца (контроль сямейнага ладу Крушынскіх) прымусіла Язэпа Крушынскага, паню Ганну і Івана Мацьвеевіча аб многім думаць кожнаму паасобку і разважаць разам.

Язэп Крушынскі думаў:

— Які ў мяне густ? Ад гэтага залежыць выбар настаўніцы. Галоўным чынам, яна павінна быць маладою. Гэта — першая карысьць ад жанчыны. Па-другое, яна павінна быць прыгожай. Гэта — добры дадатак да яе маладосьці. Тут я мушу даць адказ на запытаньне аб маім гусьце: блёндынка, шатэнка, чарнявая, брунэтка, бялявая, голас, манеры, фігура і гэтак далей, і гэтак далей.

Перад уяўленьнем Язэпа Крушынскага праходзіла цэлая галерэя знаёмых дзяўчат, якія яму падабаліся. Некаторых ён кахаў. З іншымі меў прыязныя зносіны. З нямногімі былі ў яго самыя блізкія, самыя прыемныя хвіліны ў жыцьці. Ён праверыў такім чынам свой мужчынскі густ і прышоў да пэўных вывадаў.