Старонка:Язэп Варонка.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на Беларусі, якія ўладаюць і многамільённымі фундушамі і паходзяць ад беларускіх вяльмож. Аднак ўсім добра ведама, якімі жэбракамі жылі апошняе дваццацілецьце беларускія дзеячы ў Вільні, Менску, Беластоку, Пецярбурзі, Маскве, Кіеві, як дрэнна і неакуратна выходзілі беларускія часопісі, колькі беларускіх дзеячоў за гэты час памёрла ад сухотаў, поўгалоднага жыцьця і немажлівасьці акуратна палуднаваць, ня то, што лячыцца. Гдзе-ж тут грунт для вінавачэньня беларусоў у той чы іншай апоры на суседзяў?

Беларуская справа за гэты час расла, шырылася і цьвіла сама сабою, стыхійна таму, што істотаю яе быў, ёсьць і будзе сам беларускі народ, яго адвечнае істнаваньне, сіла яго адражэньня, багаты скарб яго мінуўшчыны.

Так было да апошніх месяцаў 1919 году, гэта значыць, да таго часу, як пасьля развалу адной магутнай славянскай дзяржавы на усходзі, паднялася другая; пасьля занепаду Расеі пачала ўзмацоўвацца на касьцёх ахвяр апошніх пяці гадоў — Рэч Паспалітая Польская.

Калі да гэтага часу і былі якія выпадкі непаразуменьня паміж самымі беларускімі дзеячамі ў нацыянальна-сьвядомых беларускіх арганізацыях на грунце западазрэньня той чы іншай адзінкі ў значнай прыхільнасьці да палякоў, то на гэта вялікай увагі не зьвярталася і гэта не тварыла разлому. Ведама, што беларускую справу тварылі, як інтэлігэнты з народу, так і інтэлігэнты з польскай, чы расейскай