Перайсці да зместу

Старонка:Шэўчэнка і беларуская паэзія (1939).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рускі народ, які спяваў і спявае песні Шэўчэнкі, часта не ведаючы іх аўтара, мае права патрабаваць ад сваіх паэтаў даць яму любімую ім паэзію песняра вялікага суседняга народа на беларускай мове, даць яе ва усім яе чаруючым харастве, глыбіні і сіле, ва ўсім своеасаблівым яе бляску. Работа над перакладам «Кабзара» яшчэ болей зблізіла нашых паэтаў з творчасцю Шэўчэнкі. Уся магутнасць і глыбіня яго паэзіі, дзівоснае багацце фарбаў і гукаў адкрыліся нам у гэтай рабоце, у працэсе пераадольвання тых часамі агромных труднасцей, з якімі звязана перадача вершаў Шэўчэнкі на беларускую мову, не гледзячы на блізкасць украінскай і беларускай мовы. Мы імкнуліся даць пераклад блізкі да арыгінала, захаваўшы ўсе асаблівасці паэтычных прыёмаў, паэтычную прастату і яснасць, музыку і напеўнасць шэўчэнкаўскай паэзіі. Мы ўважна і многа працавалі, пераадольваючы ўсе труднасці пераклада, маючы на ўвазе даць сапраўднага Шэўчэнку на беларускай мове. Гэтыя труднасці ў асноўным, як мне здаецца, пераадолены.

Тарас Грыгоравіч Шэўчэнка, чыя муза была цалкам аддана народу, непахісны змагар за народную справу, паэт, які меў поўнае права сказаць, зварочваючыся да сваёй суровай долі:

„Не хітравалі мы з табою,
Мы проста йшлі. У нас няма
Няпраўды зерня за сабою“

у нашы дні вырысоўваецца ва ўвесь свой гігантскі паэтычны рост перад многанацыянальным, многамільённым совецкім чытачом. Ён па дастоінству і па праву займае месца з Пушкіным, Міцкевічам і Гётэ, з Сулейманам Стальскім, з Некрасавым і Шота Руставелі. Свабодны совецкі народ, як ніякі іншы ў свеце, цэніць шчырых вялікіх сыноў чалавецтва, вялікіх мастакоў слова ўсіх вякоў і народаў, бо совецкі народ — дастойны наследнік агульналюдской культуры.