Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Магдалена. А стол перанясем сюды, тагды будзе больш месца. (Да мужа). Гаўдэнт! перэнясі стол, вось пан Пышка і пан Шышка табе памогуць… Пане Шышка, калі ласка!.. Пане Пышка!..

Пышка і Шышка. Авэк наш плязір!

Гаўдэнт з Шышкай і Пышкай уносяць стол на сцэну. Лапурка ў другім пакою пачынае граць вальс на гармоніку. Праз адчыненыя дзьверы відаць, як Фэлька скача з Галькай, а Леакадка з Уршуляй.

Мацальскі (да Магдалены). Пазволіце, пані Магдалена, ангажыраваць вас да вальса?

Магдалена. Толькі выбачайце, граф, што ў нас няма фартэпьяну.

Мацальскі. Нічога, пад гармонік яшчэ ляпей, лягчэй злавіць тахт… Тру-ля-ля… (пайшлі ў другі пакой у скокі).

Зьява 2.

Мяшочак (сеў на канапу і задрамаў), Гаўдэнт (зьбірае талеркі са стала), Пышка і Шышка, пасьля Мяшочыха.

Пышка. Чуеш, я забыўся, з якой нагі трэба пачынаць: з правай, ці з левай?

Шышка (паказвае яму). Вось гэтак: раз, два, тры…

Пышка. Ага! ужо ўспомніў! але! вось так: раз, два, тры… (танцуюць).

Мяшочыха (уваходзіць). А фэ! паненкі танцуюць без кавалераў, а кавалеры тут!

Пышка і Шышка. А мы ўжо… ўжо йдзем!…