Што чытаць па беларуску?
(Практычны парадчык).
Што чытаць? Якіх аўтараў? і ў якім парадку? — вось пытаньні, якія задае кожны інтэлігэнтны чалавек, намерываючыся азнаёміцца з уласнай, або чужацкай літэратурай, ведаючы, што чытаньне прыносе вялікую карысьць толькі ў тым выпадку, калі вядзецца сыстэмна, праграмна.
Тагды бо яно сапраўды пашырае наш умысловы кругазор, паглыбляе веду, ўзбагачывае жыцьцёвы досьлед!
Хаотычнае-ж, бязсыстэмнае чытаньне, пры якім чалавек без разбору хапае першую з боку кніжку, ня гледзячы, ці то штосьці сапраўды цэннае, ці толькі — тандэта, літэратурнае сьмяцьцё, — ня толькі што ня прыносе карысьці, але бязсумліўна шкодзіць чытачу, зацямняючы яму розум ды-й муцячы галаву, а моладзь проста дэмаралізуе.
Вось-жа, каб ухапіць гэну небясьпеку, інтэлігэнтны чытач не агранічываецца стаўляньнем сабе гэткіх пытаньняў перад чытаньнем, але ўкладае сабе пэўны плян, да якога, колькі мага, сьцісла датарноўваецца ў працягу ўсяго чытаньня,
Што-ж гэта за плян?
У чым замыкаецца сыстэматычнае чытаньне?
Плян гэны, або праграма чытаньня тае ці іншае літэратуры ўкладаецца гэткім чынам, што чытач бярэ датычную гісторыю літэратуры і выбіряе з яе найлепшых аўтараў і іхнія найбольш цэнныя творы, сьпісываючы аўтараў у хронолёгічным парадку.
Праца гэная вольмі карысная, але даволі трудная, дык ня кожнаму даступна.
Ведама што такі-сякі плянік кожны патрапіць скласьці, але мы тут маем на думцы салідна апрацаваную праграму, для якой падрэбны пэўныя кваліфікацыі.
У кожным выпадку нат‘ дрэнны плянік, лепшы чымся поўная бязсыстэмнасьць, прынясе хоць паменшаную карысьць злажыўшаму яго.
Гэта трэба сабе добра зарубіць кожнаму з чытачоў і заўсёды праводзіць ў жыцьці!..
Пытаньне „што чытаць?“ устае і перад беларускім інтэлігэнтам, і, трэба прызнацца, не заўсёды бывае вырашаным як мае быць.
Яшчэ вялікшы клопат мае з ім здэнацыялізаваны, (спольшчаны, ці абмаскалены), беларускі інтэлігэнт, які зажадае азнаёміцца з „бацькаўскім словам“, з беларускай літэратурай, у гэнай краіне, ня ведае што, дзе, і як?
Вось-жа з мэтай памагчы братом беларусам мы дамо тут ніжэй праграму чытаньня па беларуску, дзе вылічым у хронолёгічным парадку найменшых аўтараў (беларускіх клясікаў) і іх галоўныя творы, а роўна-ж і другарадных, але заслугоўвуючых на ўвагу беларускіх пісьменьнікаў і песьняроў.