Старонка:Шляхам змаганьня.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І той, хто меў калісь адвагу
Паслухаць сільных моцну зьвягу;
Сьмяяўся з розных забабонаў,
З легендаў, казаных з амбонаў.
Ляжыць тут — хто не спавядаўся,
Хто страхаў пекла не баяўся,
Што знойдзе праўду меў надзею,
Казаў „праўдзівым“ — вы зладзеі!
І той, ў жыцьці зрабіў хто глупства:
Сябе прыкончыў самагубствам.
Й за бедны быў, каб заплаціці,
Дык з „лепшымі“ ня можа быці.
Ні ксёндз, ні поп ня йшоў за гэтым.
Бяз модлаў платных ў месцы гэтым
Так сама ціха пахаваны,
Як і ў жыцьці — нікім ня знаны…
Ляжаць байцы бунтарства, волі.
Ляжаць у ціхай ўсе патолі.
Ня просяць мольбаў, прабачэньня,
І не глядзяць, што ў нас ў сумленьні.
А толькі просяць пасядзеці;
На іх магілу паглядзеці,
Падумаць і застанавіцца,
Каб йсьці пасьля і з крыўдай біцца;
Ня гнуць прад цемраю паклонаў,
Сьмяяцца з розных забабонаў.

|}