Старонка:Шляхам змаганьня.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КЛІЧ ВОЛІ.

Хай волі гром грыміць і будзіць тых, што дрэмлюць,
Што дзень і ноч ляжаць у мляўкасьці пуху;
Пра дабрабыт сабе пакорна злыдняў ськемлюць,
Выцягваюць сваю расьпешчану руку.

Магутнай волі кліч хай Край увесь абудзіць.
Ягону мляўкасьць хай зварушыць, ўскалыхне;
Хай злыдняў, ворагаў сваіх належна судзіць,
Да творчай дзейнасьці народ увесь папхне;

Улье у сэрцы нам амбіцыю і гордасьць,
Прагоніць нам з душы наш мляўкі пацыфізм,
Што векі цэлыя няволіў нам бадзёрасьць,
Паганіў кволасьцю народны арганізм.

Хай воля праз наш Край маланкай пранясецца,
Бадзёрасьці агнём асьвеціць наш народ,
Ў змаганьня моры ён як хваля скалыхнецца
І пойдзе, як віхор за воляй упярод.

Хай наша воля так з імпэтам пранясецца,
Каб скорчылась уся, дзе толькі ёсьць мана,
Хоць пекла ўсё да дна ад гневу затрасецца
І перапудзіцца галоўны сатана…

Але ня збудзіць вас, вы, мляўкія натуры,
Пацыфістычныя і кволыя трусы:
Змаганьне, бой і сьмерць—вам вобраз за пануры.
На печы ў кажуху — там вашы галасы.