|
У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, ўзьдзявае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт.
На веры людзкой і павазе
Хаваны між яраў і лоз,
У кожны надворак залазе
І водзе трусьлівасьць за нос.
Паношыцца ў кожнай прыгодзе,
Сьмяяцца ня дасьць над сабой,
Малітвы на губы наводзе,
Як лістам, трасе цемнатой.
Ці з ласкай яго, ці няласкай
Рахунак вядзе забабон;
Складаецца казка за казкай,
Падданых зьярміў ён мільён.
Лет тысячы зьела няпамяць;
За богам узводзіцца бог.
Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць,
Ніхто Ваўкалакі ня змог.
Як толькі зямля заначуе,
І зорак абойдуць рады,
Па нівах, па сёлах шнуруе,
Шнуруе туды і сюды.
|