Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
Адна адну схопіць, піргне.

Адна з адной рынуцца ў глыб, як магілу,
Там скруцяцца, ўзьнімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам,
Зноў выскачаць к небу гарой.

Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім дантаўскім процьмам на зьдзіў,
І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
Плывуць паміж пустак і ніў.

Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышуць прастор;
Свабодай сваею і роднай Суомі[1]
Сягнуць быццам хочуць да зор.

Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,
І сэрца лялеіцца ў сьцішнай жальбе,
Усё слухаеш нема, як стогнуць нягодай,
Ды якбы ўсё клічуць цябе:

„Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце,
„Спачын векавечны дамо ў забыцьці;
„Нязьведанай воляю будзем шумеці
„І гутарку з сонцам вясьці.

„Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі
„Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар;
„Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
„І песьню нам зложыць пясьняр“.

Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца ў фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.

Imatra, 20/VI—1910.

  1. Суомі — Фінляндзія — бацькаўшчына фінаў.