|
Відзен горац здаля,
Горад Менск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далятае
Дзікі сьвіст машын,
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам,
Між палёў сялян,
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
Ўсю-ж гэту мясьціну
Неба абняло,
Залацістым сонцам
Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюках сьніць?
Ці пайсьці гасьцінцам
Долі ў сьвет шукаць,
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?..
|