|
„Гэй, ня дзівуйся, мой дружа нядбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошасьць уелася ў матку-зямлю.
„Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
Некалі бераг мой бачыў і знаў;
Іншы меў выгляд — ня гэткі жабрачы,
Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў.
„Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшыя баіў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет.
„Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшнай была.
„Панам быў дома і слаўным за домам
Мой патаптаны сягоньня народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, —
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
„З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў —
Слухаў, што веча яму звон казаў.
„Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон…
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазьвецца калі болей ён?..
„Так, так, мой дружа, іначай бывала, —
Не называўся забытым мой край;
„Поўнач“ ня раз у ім схову шукала,
„Захад“ знаў сілу яго неўнарай.
„Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родныя хвойкі сягоньня плывуць.
„Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыцьцём,
Роднага-ж краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.
|