Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Мой край.

Ляжаць твае гоні-загоны
Сто-мільна на сьвеце на белым,
І жаляцца руняй зялёнай,
І коласам жаляцца сьпелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
І шле іх далёка па нівах,
Плакуча, ад краю да краю…
Паводкаю коцяцца воды
Руч’ёу паміж долаў і гораў,
У фалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
Спавітыя плесьняю вёскі
Між пустак заселі бясьсільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай знямогі-пакуты
І, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.



Над Нёманам.

Ціха і плаўна ў даль коцяцца воды
Вольнага Нёмана, ў цёмную даль,
Толькі у часе глухой непагоды
З берагу Нёман ня выйдзе ама́ль.
Вербы і вольхі калышуцца глуха,
Сінія хвалі шумяць і бурляць.
Чуткай душою ў такі час паслухай,
Здасцца, там гэтакі голас чуваць: