Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
З кутка жаданьняў.

З цэлым народам гутарку весьці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцьця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсьці,
Гэта адно мне падпорай жыцьця.
Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасьцём —
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуцьцём.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну —
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасьвецьця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сьцежкі на сьвеце,
Гэткаму богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх брацьцяў ў сьвятой барацьбе —
Гэтакай толькі сьмерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.



Для зямлі прадзедаў маіх…

Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на сьвеце;
На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці
І ўзьнясьці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад-бы сваей сагрэці
І карону сплесьці з сонца, зор залатых, —
На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг
Заясьнела ты ў цяжка дабытым цьвеце.
За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе
3 крыўдай тэй, што цярпіш ад людзей і Бога,
Ад чужынца і ад сына свайго сьляпога…