Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Суды́

На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы з белых грудзей,
І судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку — мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Ня спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны…
З плеч зрывалі уборы злацістыя,
Разрывалі карону-вянок,
Разьбівалі пасад ей нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску сатканую з зор.
Вочы вырвалі ей, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек.
З лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
Насустрэчу крыжом і капцом,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сьне зьяўляючысь родным сыном.
К волі йдзе з дня на дзень; разглядаецца
Па бел-сьвету калі-некалі;
Толькі Дух-Яснасьвет пацяшаецца,
Што ўсё-ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу…
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.