Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! пяе сялянін
З сваей убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усей душой.
Хрыстос васкрос! пяе сіротка,
Слуга таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! пяюць і тыя
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ў ціхамоўку ладзяць сеткі
Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,
І я ў дзень гэты думку шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ускрэсьне к лепшаму жыцьцю!



Навагоднія жаданьні.

Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ
Да жычэньня сабе штосьці мае;
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
Беларусаў сямейка худая.

Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,
Аж сабраўся так доўг не маленькі.
Хай-жа Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў,
Зьверне ўсё нам, як ёсьць, да капейкі!

Хай ня будзе круцель, дасьць нам просьценькі цэль
К лепшай долі, і волі, і славе;
Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель,
Хай Год Новы ўсё гэта паправе!