Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Як спытаюцца нас.

Прыдуць людзі з Усходу,
Прыдуць з захаду людзі —
І спытаюцца нас:
Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас?

Мы ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут адказ,
І адкажам: Э, што там…
Мусіць, бабскім звычаем
Зьбегла ўпрочкі на час.



Дзе вы?

Дзе вы, хлопцы непакорныя,
Дзе вы з песьняй удалою,
Як на поле, на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?
Ці пашлі вы у далёкую
У старонку, у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокія,
У магілку, у сырую?
Дзе вы, песьні, дзе свабодныя?
Дзе ваш одгалас магучы,
Як вы звалі сыны родныя
Да тэй працы, да кіпучай?
Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля;
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?
Гэй, ня відна друга сільнага,
— Сьпіць. Хто-ж сон яго ўстрывожа?
Гэй, ад енку, ад магільнага,
Песьня вырвацца ня можа!..