Кінь вокам на мур пабяляны,
На стрэхі з саломы зірні;
Зайдзі на магілкі з крыжамі
І насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках ня кінула жыць;
Сягоньняшні дзень паймі добра,
Што ў сьлед нашай долі бяжыць…
І ўсюды — ад краю да краю,
Дзе зьвернецца думка твая, —
Аб роднай старонцы пытайся
Ты неба, зямлі і жыцьця.
А сэрца — калі ня зьвёў сэрца —
Адкажа за ўсіх неўнарай:
У нас ёсьць паны і іх слугі,
А людзі… што-ж?.. Сэрца спытай…
Бледныя буднія дні…
Бледныя буднія дні
Сумна па роднай зямлі
Мутнай плывуць паласой;
Часам калі-некалі
Дзе-ня-дзе бліснуць агні,
Глянуць крывавай расой.
Песьні раздольля маўчаць,
Песьні, што рабскія сны
З душ паднявольных зьмялі-б,
Толькі заводзяць званы,
Толькі асіны скрыпяць
Над уміраньнем сяліб.
Скрогат нясецца з асін…
Рабству паклоны біў дзед,
Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька — за дзедам; у сьлед
З бацькам пляцецца і сын;
Ты-ж кудой пойдзеш, унук?..