Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


А за песьнямі
Звон кайданавы,
Стогн закованых
Разьлягаецца…
Эх, і страшна-ж ты,
Зямля родная;
Эх, і страшна-ж ты,
Жыцьцё людзкае!..



Разьвейся, туман.

Разьвейся, туман, расплывіцеся, хмары,
Над хатай пахілай маей!
Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары
Ня мучаць душы і грудзей…
Штось клікала рвацца і вышай, і далей,
На лепшае звала жыцьцё.
Вы, злыя туманы, вы, хмары бяз жалю,
Закрылі, забралі мне ўсё…
Стаю і гляджу я на хату крывую,
На ніву пустую сваю —
І сьлёз ня стрымаю, і ціха бядую,
І нудную песьню пяю;
І к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю,
Ці моц скуль якая ня йдзе?
І цёмна, і нема ад краю да краю,
Ні сьвету, ні сьледу нідзе…
Ні сьвету, ні сьледу… марнуюцца сілы,
Дух праўды і волі прыгас;
Нядоля і гора, навокал — магілы, —
Вось роднага шчасьця абраз…



Сэрца спытай…

Прыгледзься днём яснаму сонцу
І месяцу ночнай парой;
Ў шум цёмнай услухайся пушчы
І ў шумы паводкі вясной;