Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Валіцца з хмараў то сьнег, то вада,
Чорныя думы прыносіць бяда;
Так і ваюе бядак-чалавек
З хмарамі, з думамі цэлы свой век…



Зваяваным.

Сьпіце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі,
І, не здабыўшы, ў дамоўкі бяз часу зышлі.
Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі…
Хай-жа пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі…

Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,
Плача-галосе у коміне вецер глухі…
Сьпіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!

Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узьняліся арламі,
Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і ня згас!

Грозна нясьліся магутныя вашыя клікі;
Навет каменныя душы скідалі свой сон;
Радасьцяй дзіўнай зьвінеў ваш край бедны, вялікі…
Сіл не хапіла… запеў пахаронны вам звон.

Сьвежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом…
Сьпіце! мы вашых на век не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!



Вясна за вясною…

К нам вясна за вясною ідзе
І бяссьледна адходзе ад нас…
Ні канца тэй бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.