|
Горбяцца плечы, кволыя плечы,
Якбы цягнулі каменьне,
Рукі мароз і сячэ, і калеча,
Корчацца ногі ў каленьню.
Годзе змагацца з доляй паганай,
Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
Сьлёзьмі крывавіці вочы.
Сыпся, кружыся, бел-снег, навокал,
Мягкай кладзіся пасьцеляй!..
Ляжам, як ляжа ранены сокал,
Знойдзем нарэшце прысельле.
Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем з табою…
Шумам пальеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышаш спакоем…
Дзе-ня-дзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
Воўк — як і ты — сіраціна.
Голас пачуўся, быццам хто кліча,
Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавыча,
Воклік магільны разносе.
З дальняга неба зоркі міргнулі…
Якбы ня так ужо цёмна…
Зоркі сьвяціці ўсім ня мінулі,
Толькі… мінулі бяздольных.
...............
Полаг гатовы белы, пуховы;
Ляж, не глядзі, ня ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сьняговай,
Вечнага сну ня пужайся.
|