|
Ці ты чуеш, як стогне віхура,
Як старой хаткі сьцены дрыжаць,
Як у коміне вые панура,
Як сукі ў боры цёмным трашчаць?..
Ці ты бачыш, як хмара за хмарай,
Як дым, небам плывуць чарадой?
Як кусты, сенажаці, папары
Заліліся магільнаю мглой?..
Ці ты бачыш ноч гэту над намі,
Ноч васеньнюю, дзікую ноч,
Засьцілае што сьвет цемнатамі
Непраглядна, хоць ў процьму ты скоч?..
Ці паняў, што мрок гэты гавора,
Што аддалены шле яго шум,
Як у гэта бязьмежнае мора
Ты глядзіш, гэтых слухаеш дум?..
О, дрыжыш перад шэптамі чараў
Цёмнай ночы, магутны цар дня,
І прыходзіцца ўняці няздару,
Што мудрэйша ёсьць моц, як твая.
Дарма розумам цэлыя годы
Ў жыцьця дзівы, як мог, заглядаў:
Чарадзейную кнігу прыроды
Ня пытаў, адчытаў, скарыстаў.
|