Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Зоркі.

Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты,
Зоркі на небе страчаў я чатыры;
Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты,
Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай.

Першая — бацькава зорка ясьнела,
Маткі — другая глядзела ў сьвет горка,
Трэцяя мне мігацела нясьмела,
Роднай зямелькі — чацьвёртая зорка.

Першая згасла навекі ня ў часе,
Звольна губляе бліск свой другая,
Трэцяя сумнаю мглой спавілася,
Толькі чацьвёртая лепей міргае.



Шлях мой…

Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,
Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, —
Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,
Ўецца зімой і вясной.

Вечар і ночка закрылі мне раніцу,
Ўхуталі плесьняй, сівым туманом,
Даль-жа нязбытаю казкай туманіцца,
Казкай, нягаданым сном.

Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай
Думы гартуе ісьці, не чакаць,
Хоць-бы там злыдні плот ставілі бе́дамі,
Бе́дамі клікалі спаць.

Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,
Пут гэтых толькі ня бачучы сам:
„Дзе ты ідзеш?“ — запытаецца, гонячы.
„Далей!“ — адказ яму дам.