Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Так асянялі, панавалі,
Як сонца бліск на вод крыштале,
Аж пацягнулі вышай, далей
Туды, адкуль зышлі так міла.

Вітаю іх і ня вітаю,
Стаю, як пільгрым на расстаю
Ў чужым далёкім недзе краю,
Як над пустой стаю магілай.



Вячэрняя малітва.

Як летняе сонца свае згасіць косы,
І кветкі нябесны зайграюць нясьмела, —
Ноч сее тады серабрыстыя росы,
Над логам зьвісае туманнай пабелай.

Ад бледнага месяца бледныя цені
З сялібаў і пушчы кладуцца на гоні;
Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў,
Устануць, пастануць слупамі ў празсоньні.

Цікавая думка над сном усплывае,
Вяртаецца з цішай і просіцца ў сэрца,
Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая,
І вогнікам ціхім навокала ўецца.

Малітва вячэрняя ў той час выходзе,
Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі,
І пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе
Плыве і мяняецца ў кветным крыштале.

О будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша
З планэтнай зарніцай і месяцам бледным!
Хай песьня спакою душу укалыша
І вынясе чыстай над шумам пабедным!