Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Яшчэ прыдзе вясна.

Ня пужайся, што здрадныя хмары
Неба ўслалі з канца да канца,
Што свае цемната ўнясла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Яшчэ прыдзе вясна!

Ня пужайся, што лісьць пажаўцелы
Лес скідае з канца да канца,
Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
Яшчэ прыдзе вясна!

Ня пужайся, што бедная ніва
Апусьцела з канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчасьлівай
Няужоннае скончана жніва:
Яшчэ прыдзе вясна!

Ня пужайся, што вольныя сілы
Ў путах дрэмлюць з канца да канца,
Што насильства ўсю праўду здушыла,
Што сьмерць густа капае магілы:
Яшчэ прыдзе вясна,
Яшчэ прыдзе!..



Гэй наперад!

Гэй наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй да сонца! гэй да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,
Йшлі на той сьвет без пары;
Сёньня ў нашай моцы гора,
Мы жыцьця гаспадары!
Думка ў думку, дружна, сьмела
Ўсе наперад грамадой!