|
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?
Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які ня ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцы?
Жыві ў жыцьці і бяз жыцьця.
Ідзеш-брыдзеш, а на дарозе —
То косьць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О Божа, крый!..
Нясі ў мяцеліцы, ў разводзьдзі,
Свайго цярпеньня нясі крыж.
Калі-ж праглянеш ты, народзе, —
Арліным лётам узьляціш?
Пасьцель пуховую пасьцелеш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясьмелых песьняю асьмеліш,
Якой сягоньня бедзен сам?…
Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплучаных дружкоў…
Так цяжка, цяжка, дзе ні ня глянеш,
Касою крыўды хоць касі!
Калі-ж, народзе, ты устанеш
I сонцу голас падасі?
Падарожныя (падыходзячы).
А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…
Незнаёмы.
Цяпер зноў сядзем… ну, і што-ж?
Ага! гістор’ю нашу зладзім, —
Адточым востра ўсё як нож;
А можа трапім ёю ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…
Падарожныя.
Што-ты?! Ці-ж мы такія людзі,
Жартуеш хіба, дабрадзей!
|