|
А можа хто яшчэ над’едзе
І зьніме гэты клопат з нас?
Дый першыня ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…
2-гі падарожны.
Мо’ помніш леташнюю восень:
Ўвесь сьвет быў глух, і дзік, і пуст;
Шум ня сьціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плача кожны куст.
Здаецца, пеклава вясельле
Ўзьнялося, круціцца, сапе;
Ні бліску зорак ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.
Цурком дождж льецца, якбы з луба;
Скаголе вецер як той зьвер,
А мы пад хвойкамі аж люба
Начлег спраўляем, як цяпер.
3-ці падарожны (прыслухаючыся).
Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас, ніхто тут не начуе, —
Каб не набраціся бяды?!
1-шы падарожны.
Сядзіце вы, а я падскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо’ сена хто наскубсьці хоча, —
Вось шэльме дам дык дам лазы.
(Адыходзячы, чапляецца лапцем за сук і валіцца).
А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць ня вывярнуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.
(Па неякім часе варочаецца з незнаёмым).
Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэттака здаю…
Ня многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
|