Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Засыпае, ўстае на адцьвіўшай пакошы,
Аджыўляецца ласкай прыпадку.
Барадой яго пошум, як лесам, калыша,
Хмары звонам кладуцца на плечы,
Грамавік на грудзёх яго гібелі піша,
Ведзьмы шэпчуць салодкія рэчы.
Ён ідзе… Сям і там набіваецца ў госьці,
Упіваецца ў сэрцы нямыя,
І сьцібрае на путы струхлеўшыя косьці,
І пляцёнкі з асьлепленых шые.
За сабою валоча патухшыя душы,
Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы;
Кроўю цёплай сьцюдзёныя вогнішчы туша,
Сэрцы лёдам аблітыя лушча.
І свае і чужыя выцягвае звадай
Жылы белыя чорным патрэбам,
Каб заместа усіх і ўсяго ў сьветагляду
Быць усім — і зямлёю і небам.
Каб спустошыць, абнетрыць труп‘ём чалавека,
Даць папас на магільным папасе,
І так хэўраю будучых, быўшых адвекаў
Расьцьвісьці, растапіцца ў бясчасьсі.
Гэткай рдзее душой чараўнік-сьлепаводнік,
Што сыноў навучаў трох калісьці,
А за ім суча сьледам, цянюючы, зводнік
І гайдае зялёнае лісьце.
Шапаціць тое лісьце заснуўшым палянам —
Чуе ночка глухая, нямая:
Кожны край, што дачэсна завецца забраным,
Гэткіх казак забытых шмат знае.



На папасе.
Абразок.
Вясеньняя ноч. Непадалёк ад гасьцінца — хвойнік.
Тры падарожныя зьбіраюць гальлё.

1-шы падарожны (прыносячы галіну).
І пуста-ж, пуста ў гэтым лесe!
Нідзе галінкі не найці
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў бяспуцьці.