Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Не часалі дамоўкі яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гусьлі і ён з тэй пары — да пары;
Сум і сьціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў;
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вясельле ўсё княжны гулялі.

XII.

Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусьляравым насьпе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.
Лет за сотню зьвёў час ці і болей мо’ лет;
Зацьвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гусьлямі дзед
З кургана, як сьнег, белы выходзе.
Гусьлі строе свае, струны звонка зьвіняць,
Жменяй водзе па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы,
Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў-бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць — толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.



Грабар.

Ўжо даўно, у вялікім у горадзе
Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;
Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам
Долы-сховы сякім і такім.
Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю, —
Астаноўкі ня знае грабар;
Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах
Сам з лапатай сваей — гаспадар.