|
Прытаіцца да моху русалка, лясун;
Каня вечнага «піць» не заводзе;
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзе.
V.
Прывяла гусьляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзілі на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.
Нявыдумная сьвітка-убор на плячох,
Барада, як сьнег белы — такая,
Нязвычайны агонь у задумных вачох,
На каленях ляглі гусьлі-баі.
Водзе пальцам худым па сталёвых струнах,
К песьні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б‘ецца ад струн па сьцюдзёных сьцянах,
Заміраючы ў сковах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах як сьлед,
Ня зірнуўшы на гулі ніразу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.
VI.
„Што-ж маўчыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песьня-бай,
„Славай хат маіх подданых слаўны?!
„Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай, —
„Князь умее плаціць нязвычайна!
„Запяеш па-душы, дасі ўцехі гасьцям —
„Поўны гусьлі насыплю дукатаў;
„Не пад-мысьль песьня будзе каму-небудзь нам —
„Канапляную возьмеш заплату.
„Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
„Многа знаю і чуў аб табе я, —
„І я сам, як і ты, так табе запяю…
„Ну, пара пачынаць, дабрадзею!“
Гэтак слухае, выслухаў князя гусьляр;
Заіскрыліся вочы сівыя;
Патануў у скляпеньнях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.
|