Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Сотні раз хмарамі неба ўзгамоніцца,
Сотні раз ніву спалошча, абсуша, —
Памяць аб вісельным век не затопіцца,
Будзе пужаці трусьлівыя душы.
З году да году у сьвята дзядовае
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
Песьню вятрыска пяе паграбовую…
Вісельнік блудзе паўночнай часінай…


Курган.

I.

Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў каранасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсьцілалі мо‘ тысячу раз,
Пяруны білі з края да края, —
Ён стаіць — гэта памяць людзкая, паказ…
Толькі гутарка ходзе такая.

II.

На гарэ на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сьцяной
Грозна, думна глядзеў на прывольле.
У нагах у яго расьцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых як мар,
Хат з сям‘ёй душ падданых, пакорных.