Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/219

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Вісельнік.

Зоркі ня ўбачыш, імгла няпрыхільная
Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай;
Вецер ня мрэ і, як зданьне магільнае,
Носіцца грозна па пушчах, палетках.
Лес расхадзіўся, пашумы сусьветныя
Б’юць у тахт віхравы кожнай галінай,
Стогнуць дубы і бярозы сталетнія,
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
...................
Злыбедаў стогны і цьмы неспажатыя,
Жудаснай дзікасьці поўны бязьмеры,
Як-жа салодзіце думкі разьбітыя,
Сэрца з разьбітай надзеяй і верай!
Годзе душа маладая пакутаваць,
Шляхам заломным снаваць бескарысна, —
Страшна загадкі ўсябыту расплутаваць,
Выхад з туманаў находзіць разблысны.
К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася,
Віхры і ночы на бой вызывала…
Згасла ўсё лепшае, згасла, зламалася, —
Далей змагацца сілы ня стала.
Будзь-жа збаўленьнем, пятля канапляная;
Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха:
Хутка збагацішся ў плоднасьць нязнаную,
Слаўнаю станеш — толькі паслухай!
Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны:
Жыва вяроўку — раз, два, і гатова!
Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны
З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай.
.....................
Вырылі яму жалезнай лапатаю,
Вырылі паміж крыжовых дарогаў,
Кінулі цела — эй, цела праклятае —
Без пасьвячэньня, бяз модлаў, з трывогай.
Зводна пайшлі толькі ўздохі пустынныя:
Быў чалавек — і няма чалавека;
Згінуў ня то ўжо зусім каб скацінаю —
Так сабе ўрэзаў трацініну века.
................