|
— „Сядзь, адпачні! — штось яму шэпча тут, —
„Вось дзе, пад гэту бярозку!“
— „Праўда, — падумаў, — пара аддыхнуць,
„Многа прайшоў ты, нябожа!“
Сеў і мацуецца, каб не заснуць, —
Ведаў, што стацца тут можа…
Зьвіўся клубочкам і ціха сядзіць;
Лёгкасьць на сэрцы такая…
Толькі мяцеліца вые, шуміць,
Песьні яму напявае:
„Сьпі, мой Сьцяпанка, дзіцятка маё,
„Я тут тваею ўжо паняй!
„Гэткай пасьцелі ня меў за жыцьцё,
„Ў гэткай — і конь твой і сані.
„Сына сьпящыш ты, сьляпы, ратаваць?
„Ну, і на што-ж гэтак рвацца?!
„Лёгка-ж табе было век гараваць,
„З мачыхай-доляй змагацца?
„Я ашчасьліўлю, мой братка, цябе,
„Ўбачышся быццам у небе;
„Гора, бяда не падойдзе к табе,
„Думаць ня трэба а хлебе.
„Сьпі! Знаю, крыўды ня раз зазнаў ты,
„Братам ня быў між братамі.
„Я пашкадую цябе, сіраты,
„Буду галубіць сьнягамі…
„Меў-жа прыпынак ты зносны калі,
„Гонячы быт свой цыганскі?
„Я з гулкай песьняй: «ай, люлі-люлі!»
„Спраўлю начлег табе панскі.
„Скончу я песеньку-байку сваю,
„Зоры пачнуць усьмяхацца,
„Будуць глядзець на спакойнасьць тваю,
„Будуць табой уцяшацца!“
Гэтак над сонным завея пяе,
Гэтак яго калыхала;
І, што-ж вы скажаце, людзі мае?
— Сьцёпку навекі прыспала…
.................
|