|
Выслухаў, выстукаў хлопца кругом,
Даў карталюшку на лекі;
Ехаць да гораду кажа бацьком,
Ехаць хутчэй да аптэкі!
— „Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе,
„Толькі лякарства прывозьце!“
Кінуў старым так і з хаты ідзе,
Дый толькі бачылі ў вёсцы…
Мілі-ж тры ў горад; тры мілі — ня сьмех!
Конік худы — прыстаць можа;
Тут яшчэ гэты нязьмераны сьнег,
Ды ночка пусткай трывожа…
Трудная рада: да раніцы ждаць
Хвораму лекаў прышлося,
Бацька во сеў над сталом — ня йдзе спаць,
Маці над сынам галосе.
Ноч на аддых — адзін міг мужыку,
Годам зыходзе — ў няшчасьці.
Шмат іх, даўжэнькіх, ой шмат на вяку,
Як-жа к сьвятлу тут папасьці?…
Час бег… Апошняя стухла зара.
Неба бялее на ўсходзе.
Ну, Сьцёпка! Ехаці час і пара!
Годзе маркоціцца, годзе!
З гораду лекаў ты шмат навязеш,
Сын твой, як бачыш, устане!
Сільнай рукой пакіруе лямеш,
Сьвісьне касой на сьвітаньні!
..................
… Выехаў Сьцёпка. Чуць-чуць стала днець.
Конік малы, зацяганы.
Сыпка дарога; сьлед значан ледзь-ледзь.
Дзень хмураваты, вятраны…
Ехаў, даехаў Сьцяпан наканец,
Грош апасьледні пакінуў,
Лекаў набраў і гайда маладзец!
Валіць дамоў, бедачына.
Валіць… Піліпаўкай, ведама ўсім,
Дню лік — гадзіна, ня болей.
|