Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


„А як чапнуў стралой аб лук,
„Яны скрануліся ў прасоньні,
„І столькі, столькі крэпкіх рук
„К маёй паціснулася броні.
„За мною ўсьцяж, і тут і там,
„Іх вусны бледныя шапталі:
„Аддайце славу нашу нам!
„Нашто схавалі - расхапалі?“

VIII.

І трэці князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
„Я абышоў іх тройчы раз
„І відзеў, што яны ўсе жывы.
„А толькі торг усё ідзе
„Над іх душою патаптанай;
„Яны, як цені, ў грамадзе
„Маўчаць і йдуць на пір паганы.
„А як я ўдарыў па струне,
„Замятушыліся, як пшчолы,
„І на гарэ і нізіне
„Мне падавалі голас кволы.
„За мною ўсьцяж, і тут і там,
„Іх вусны бледныя шапталі:
„Аддайце песьню нашу нам!
„Нашто схавалі - расхапалі?“

IX.

Сказаўшы так, маўчаць ганцы,
Маўчыць і князь крыху часіны,
І дасьць адказ такі ў канцы
Ганцом на іхнія навіны:
„Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
„Раз хочуць сонца, славы, песьні;
„Заб’юць ім зычныя званы
„Прабудным звонам напрадвесьні.
„Сваёй забранай старане,
„Скаванай мучаніцы-княжне,
„Ўзьнясуць пасад на кургане
„На панаваньне недасяжне.