Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


А першы гэткі сьветлы быў,
Як небам сланныя прамені:
Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
Ўсе ўсюды зводзіў цені.
А быў другі і з ног і з рук,
Як гром з жывымі пярунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук,
І лук стальны меў за плячамі.
А трэці быў і раб і цар,
І слаб і дуж ва ўсякім дзеле,
Як вечнасьць, молад быў і стар;
Меў гусьлі — на грудзёх віселі.

VI.

І першы князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
„Я абышоў іх тройчы раз
„І відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
„А толькі ўсё той самы лад:
„З вачэй ня зьняты йшчэ павязкі,
„Ці йдуць уперад ці назад,
„Відны сьляды цямрычнай ласкі.
„А як ішоў між іх з сьвятлом,
„Яны пачулі, ах, пачулі:
„Сьляпым замораныя сном,
„Худыя рукі ў высь цягнулі.
„За мною ўсьцяж, і тут і там,
„Іх вусны бледныя шапталі:
„Аддайце сонца наша нам!
„Нашто схавалі - расхапалі?“

VII.

Другі за першым князю сказ
І княжне скажа міласьцівай:
„Я абышоў іх тройчы раз
„І відзеў, што яны ўсе жывы.
„А топчуць толькі ўсё той сьлед,
„Валочаць ёрмы за сабою;
„Ці ўбачаць корч, ці ўбачаць цьвет,
„Аднэю жаляцца сьлязою.