|
Можа тамка? можа гэтта?
Пнуся, рвуся ўзад і ўперад —
І налета, ўсё налета…
Вязьнем я і кветка ў нерат.
Не трашчыце, не шасьціце,
Сухалесы, пустацьветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусьветы!
Мох, чарнобель, расхіліся!
Кветка, кветка, выглянь сьмела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажыльле зводзе цела…
Стой! Здаецца, вун зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонца…
Ах, ня тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцы“.
І пабег, пабег па лесе,
Закруціўся дымам-пылам,
Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў
Галаву над пнём пахілым.
А Дух Пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае,
І так далей кажа сказам,
Ночка слухае нямая.
„Вырві сэрца, высуш сэрца,
Запалі агнём, як сьвечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не паглядавай на печку!
Як ноч прыйдзе, гэта ночка,
Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,
Ад кусточка да кусточка
Асьвяці мой хорам годне!
Так сьвяці, ня бойся мукі,
З верай вернай і надзеяй, —
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрца спапялее.
Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем,
А ня зробіш, сотні летак
Выць так будзеш паміж вязьзем.
|