Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



Прыехалі. Зноў гэтак сама сустрэлі.
Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў.
Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,
Хоць дзеўка, сказаць, — адпусьці, Божа, віны!…
Сват гэтага толькі ня цяміць нічога:
Яму ўсюды проста як з моста дарога.

Гарэлка ізноў на стале загасьціла,
Пайшло дзела ладам; бяседа — аж міла.
Дзяўчыну ўжо маем — што болей нам трэба?
Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба.
Ўсё гэта ня кепска — па першай няўдачы,
Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!..

А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, —
Па целе так проста і скачуць мурашкі!
Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак…
Тут быў для мяне не канец неспадзевак!
Ня даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай,
Ці мо пад такою радзіўся плянэтай…

Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;
Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць.
Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:
Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое.
— „Чые, спытаў, гэта?“ — Аж дзеўка з куточка:
— „Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка“…

Што-ж болей? Эх, болей… падлій там сівухі! —
Ну і наварыў-жа мне сват саладухі!
Прайшло з таго часу год дваццаць бязмала,
На сьвет многа што прыбывала, ўбывала;
Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны,
Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны…

Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,
Прапала адвага, адпала ахвота…
— Так байку закончыў сваю нам Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, —
А ну-ж прыдзе к смаку, тады дам другую.