|
Дасталі тытун, затуманілі люлькі, —
Капшук мой быў слаўны — дастаў ад бабулькі, —
І, як-бы нідзе ні аб чым і ня дбаем,
З пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,
Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.
Прайшло з паў-гадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
І гутарку аб інтарэсе заводзіць.
— „Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць.
„Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;
„Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!“
(Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце).
Тут наш гаспадар, як ні ў чым ня бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла!
„Эх, лоўкая, шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
„Няма ў бягу лепшай. Аддам за паў-сотні.
„Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня,
„Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні“.
Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны!), — ня сьцяміўшы рэчы:
— „Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!
„Хлапец і ня бедны і добрай натуры,
„Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў…“
Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неўспадзеўкі:
— „Даруйце, васпанства: няма ў мяне дзеўкі!
„Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча,
„Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў!“
Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,
Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..
Як вышаў я з хаты, як селі мы ў сані,
Як ехаў я з сватам, — хваліў як ці ганіў, —
Вы сьмейцеся самі ці лайце ад ведзем:
Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем.
Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,
Ні ў чым не адступіць, хоць шло-б ня ўсё гладка.
|