|
Пяцьдзесят раз у зелень вясна спавівала
Ніву нашу і насып жвіровы, —
Над курганам тым сэрцаў мільёны шаптала:
Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.
*
На зялёным цьвітучым лагу сенажаці,
Гэт пад лесам за вёскай бядачай
Песьню-музыку сумную здаля чуваці:
Пастушок там на дудцы так плача.
Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца,
Сам, як колас, хістаецца ў полі…
На загоне жняя над снапочкамі гнецца;
Сонца іхнай дзівуецца долі.
Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,
Пахіліўшы маркотна галовы,
Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай
Ім аставіў іх Лірнік вясковы.
*
Песьні гэтай знаём і палац мураваны,
Што ў хмяліных бялее павоях, —
На пачэсным кутку засядае жаданай —
Мілай госьцяй ў багатых пакоях.
І ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай
Тую-ж долю-нядолю гадуе,
Гэта песня плыве над ліповай калыскай —
Гэтак маці над дзіцем бядуе.
З маткай рэчка і вецер пасвойму запелі,
Зашумеў бор зялёны, сасновы,
Якбы тыя напевы яны зразумелі,
Што злажыў чуйны Лірнік вясковы,
*
А калі ты, гаротнік, туляч беззямельны,
Будзеш доляй закінут у горад, —
Ты пачуеш і там голас той непадзельны,
Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.
Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,
Ноч праводзяць, усходу чакаюць,
Ці няшчаснага ўбачыш, як гнецца галодны —
Ты спытай — яны Лірніка знаюць.
|