Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



З балотам мяшалі, пагардай плявалі
Ўсе тыя, што вырасьлі навет са мной!
З маім людам згінуць навек мне казалі,
І страшна было мне так жыць сіратой!..

За сошкай, за коскай, з сярпом і з сякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
І думкі снаваў аба мне з году ў год.

Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, —
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі
Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.

Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;
Між віхраў, і бураў, і холаду зім
З людзкой неразлучны ўзяла шлюб бядою,
І тузаюць мной, як народам маім.

Здушылі мне голас на родных на нівах;
Крыж цяжкі упадку з народам нясла,
І думаў чужынец, што ўжо я няжыва.
Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!

Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!
Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!
Я ўсё перанесла і вышла я з хвалай,
Я сільна, я вечна ў сваей старане!

Прайшло засьляпеньне, мінае трывога;
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!



Роднае слова.

Пад навалай крыўдаў, многія сталецьці
Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця.
Мы нясьлі — ўсё ныла, гінула памалу,
Аж ня нашай наша бацькаўшчына стала.