Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Дык хай-жа вас не асіле
Зьверства непагоды,
Распусьцеце сваё крыльле,
Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,
Ворагаў адстраша,
Будзе долі панаваньне
На зямлі на нашай.



Паляці, мая мысьль…

Паляці, мая мысьль, лётам сокала
І прагледзь гэты сьвет кругом-вокала.
Лётам сьветлай зары панад стрэхамі —
Сып надзеяй жывой і пацехамі.
Пей аб волі людзям думкі цудныя,
Уміляй іх жыцьця сьцежкі трудныя.
Залатыя сны ім няхай рояцца,
Няхай жаль на душы супакоіцца.
Гоняць хай ад сябе цьмы нядольныя,
І рука у руку пойдуць вольныя.
Так ляці, эй ляці, мысьль свабодная!
А ты міла спаткай, зямля родная.



Рвіся, думка!..

Покі старасьць неўдалая
Костак з ног ня вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, вышай, далей!
К таей праўдзе ненапраснай:
К шчасьцю і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!
Гарапашна, непрасьветна
І ў душы і ў хаце,
Стане горай няпрыветна,
Калі будзем спаці.